помнік архітэктуры позняга барока ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1784—90 (арх. К.Шыльдгаўз) для пінскага старосты М.Бутрымовіча на высокім левым беразе р. Піна, да якой павернуты дваровым фасадам. Мураваны П-падобны ў плане будынак з развітым цокальным паверхам. 1-павярховую сярэднюю ч. будынка займаюць парадныя памяшканні з авальнай залай у цэнтры, якая ўтварае эркер з балконам на гал. фасадзе. Бакавыя крылы вырашаны ў 2 узроўнях і маюць невял. жылыя памяшканні ўздоўж калідораў. Знадворны дэкор мас рысы ранняга класіцызму. Фасады аздоблены плоскімі і руставанымі лапаткамі, сандрыкамі, фрыз антаблемента — трыгліфамі і метопамі. Эркер, выкружаныя вуглы і тарцы бакавых крылаў аздоблены калонамі і паўкалонамі дарычнага ордэра.